Маракі ў Івацэвічах і Баранавічах адзначылі сваё свята
Гюйсы, цяльняшкі, бесказыркі, корцікі ў афіцэраў і мічманаў – такім запомніўся сёлетні Дзень ваенна-марскога флоту жыхарам і гасцям Івацэвічаў. Гэтае свята апошнім часам праходзіць у самым цэнтры раённага цэнтра, дзе намаганнямі тых, хто аддаў флоту тры гады (а афіцэрскі склад і значна болей), у скверы ўсталяваны Памятны Знак у гонар і памяць сяброў і паплечнікаў.
Вакол стылізаванага маяка – чатыры мармуровыя пліты з назвамі чатырох флатоў былога СССР і чатыры велізарныя якары, а таксама флагштокі, на якіх і ў гэты раз залуналі дзяржаўны беларускі і марскія флагі. Падавалася б, Івацэвічы зусім не партовы горад, там працякае толькі невялічкая рэчка Грыўда. Але менавіта ў гэтым райцэнтры ўсталяваны такі знак і збіраюцца да яго ў дзень ВМФ былыя флоцкія не толькі з гэтага рэгіёна, а і з Мінска. Былі сёлета на свяце і прадстаўнікі Баранавічаў.
Вядома ж, Беларусь не марская дзяржава. Таму “папаўнення” на такіх урачыстасцях няма, толькі тыя, хто служыў раней… Але якімі захапляючымі былі падчас сустрэчы ўспаміны тых, хто ўжо ў 1960-я гады патрапляў, служачы на флоце, у экстрэмальныя сітуацыі! Зрэшты, было чым падзяліцца і тым, хто служыў пазней. У гэты дзень у Івацэвічах гучалі вершы і песні. Тыя, хто заслужыў, атрымалі з рук аганізатараў медалі з нагоды 25-годдзя Беларускага саюза ваенных маракоў і за асабісты ўклад у захаванне помнікаў ваеннай гісторыі.
Свята атрымалася. Развітваліся маракі з намерам і ў наступным годзе сустрэцца ізноў.
Адзначылі дзень ВМФ і ў Баранавічах. Як і кожны год , былыя ваенморы сустрэліся ў “маладым парку”,
паўспаміналі былыя паходы, наведалі Памятны знак, усталяваны ў гонар нашага земляка віцэ-адмірала Халасцякова.
паўспаміналі былыя паходы, наведалі Памятны знак, усталяваны ў гонар нашага земляка віцэ-адмірала Халасцякова.
Уласны карэспандэнт Аляксей Белы