У Баранавічах пачаў працаваць беларускі лялечны тэатр, створаны грамадскімі актывістамі. Найбольшу працу па стварэнню тэатра зрабілі рэжысёр Вячаслаў Болбат і намеснік старшыні Баранавіцкай Рады ТБМ Мікалай Падгайскі. Сам Мiкола Падгайскi аб прычынах стварэння лялечнага тэатра кажа так:
«Лялечны тэатр мы стваралі менавіта, як беларускі. Каб не толькі паказваць беларускія казкі, а і праз іх паказваць беларускую культуру, беларускія строі».
На сённяшні дзень у тэатра ў рэпертуары 3 казкі: “Каза Манюка”, “Як лісіца ваўка судзіла” і “Коцік, Пеўнік і Лісіца”. Аб сваёй матывацыі прымаць удзел у гэтым праекце распавядае рэжысёр Вячаслаў Болбат:
«У 1965 годзе я практыкантам па спецыяльнасці памочнік майстра ткацкай вытворчасці ББПК, прыехаў у Падмаскоўе, у гарадок Шувое. Прыехаў я туды ў лютым, а на пачатку сакавіка ўжо ўдзельнічаў у падрыхтоўцы святкавання міжнароднага жаночага дня. Мне даверылі быць вядучым святочнага канцэрту. Канечне, канцэрт я вёў на рускай мове, але вырашыў пазнаёміць месцічаў з байкамі нашага Кандрата Крапівы. Заля рагатала і клалася ад смеху, а потым мне даслалі запіску: “А теперь переведите, пожалуйста” . Для мяне такі парадокс стаў загадкай, якую з цягам часу памог разгадаць Максім Горкі. М.Горкі лічыў беларускую мову інструментам, які найбольш дакладна, трапна, вобразна і сакавіта перадае ўсе чалавечыя адчуванні ў розных, у тым ліку і гумарыстычных, сітуацыях. Вобразнасць і выразнасць некаторых слоўных спалучэнняў не зможа разбурыць разнастайная інтанацыйнасць. “Ну, што, нашвэндаўся?!!” (“Гэта значыць “нагуляўся”?” – пытае ў мяне бабуля.) Ну, і іншае… Вось гэтае багацце, моўнае і інтанацыйнае, мы губляем… Губляюць нашыя дзеці… нашыя ўнукі… Як гэта захаваць і перадаць? Праз вобразы. Казачныя вобразы. Для дзетак яны найбольш успрымальныя. Таму мы і вырашылі стварыць лялечны тэатр вобразаў на беларускай мове".
Трэба сказаць, што ўсе лялькі і астатні рэквізіт удзельнікі лялечнага тэатра робяць самі. Над імі працуюць Баляслаў Язэпавіч Тумашчык з дачкой Любоўю і настаўніца школы № 15 Алена Аркадзьеўна Несцярук.Неацэнны ўклад у развіцце тэатра зрабіла настаўніца СШ №10 Перагуда Алена. Алена Мікалаеўна вялікі майстар лялечнага тэатра. Яна дзесьці падказвала, дзесьці наогул навучыла. Тэатр пачаў працу з яе рэквізітам і лялькамі. Але Алена Мікалаеўна перадала вопыт, як гэта ўсё рабіць.
Беларускі лялечны тэатр выступае на розных пляцоўках: дзіцячыя садкі, летнія дзіцячыя лагера, дзіцячая пляцоўка. Склад тэатра вельмі разнастайны. Тут ёсць і кіраўнікі, і інжэнер, і сартэроўшчык, і механік, і гэтак далей. Ва ўсіх артыстаў ёсць прафесіі, у многіх - сем'і. Адны сышлі, іншым наведваць рэпетыцыі двойчы на тыдзень цяжка. Застаюцца тыя, хто адчувае, што ім гэты занятак дае ім магчымасць раскрыць свае творчыя здольнасці, а таксама магчымасць камунікаціі ў беларускамоўным асяроддзі. Працуючы над роляй, часам адкрыеш ў сабе і людзях добрае, а калі і не вельмі. Але ўсіх аб'ядноўвае адно: любоў да беларускай мовы, культуры і мастацтва.
Як і ў кожнай падобнай грамадскай арганізацыі, якая існуе без падтрымкі дзяржавы, ёсць і праблемы. Так Мiкола Падгайскi кажа:
«Як гукааператар, павінен сказаць пра складанасці. У нас няма добрай гукавой апаратуры, гук бярэм з планшэта. А гэта вельмі нязручна. Праўда, хоць самаробным узмацняльнікам агучваем дастаткова добра і залі, і адкрытыя пляцоўкі.»
Маленькі тэатр лялек - тэатр, дзе працуюць людзі з вялікай і шчодрай душой! Гэта сапраўды невялікая садружнасць аднадумцаў, якая не мае нават уласнай сцэны, але пры гэтым раздзяляе агульныя прынцыпы і ідзе да пэўнай мэты з прафесійным рэжысёрам. Нягледзячы ні на якія складанасці, мы спадзяемся што тэатр і далей будзе радаваць усіх маленькіх і не вельмі гледачоў сваімі казкамі. А таксама працаваць на такой цяжкай на сённяшні дзень ніве, як асвета.
Мы запрашаем да нас у каманду тых, хто хоча паспрабаваць свае здольнасці, як актор (акторка), раскрыць свой творчы патенцыял!