Барановичский поэт Алексей Белый 9 книга автора

У абдымках дажджу - вышла в свет девятая книга члена Союза писателей Беларуси, Международного ПЕН-клуба, Белорусской ассоциации журналистов Алексея Белой.

У абдымках дажджу

Аляксей Белы 

"У абдымках дажджу"

9 книга автора

Алексей Белый Барановичи У абдымках дажджу

Пабачыла свет чарговая (дзявятая) кніга нашага земляка, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, Міжнароднага ПЭН-клуба, Беларускай асацыяцыі журналістаў Аляксея Белага. Зборнік, мастацкае афармленне якога зрабіў сам аўтар, атрымаў назву “У абдымках дажджу”.
 
“Хто з нас не помніць пах дажджу ? Цёплага, летняга, лагоднага. Найперш - гэта пах дзяцінства. Вось яны, першыя кроплі, што сыплюцца на гарачы пясок сцяжынкі, што ўецца між высокага зялёнага жыта. Ці лужынкі ў варонках, парослых травой, што засталіся ад мінулай вайны, па якіх ты ляціш басанож з сябрукамі, уздымаючы срэбныя пырскі… А “сляпы” дождж, калі і сонца, і вадаспад з неба, і вясёлка, што п’е ваду з маленькай рачулкі! Ці вашы з любай пацалункі ў дождж пад разгалістым дубам ці шыракалістым клёнам, - чытаем у анатацыі да зборніка. - Пах дажджу - гэта назаўсёды”.
 

Алексей Белый Барановичи У абдымках дажджу

фото носит иллюстрационный характер

Алексей Белый Барановичи У абдымках дажджу

 

Нарадзіўся Аляксей Белы ў невялічкай, зусім “сухапутнай” вёсачцы Міхнавічы, якой, між іншым, ужо больш за пяцьсот год. Цяпер яна амаль злілася з Івацэвічамі, але пакуль што захоўвае сваю назву. У Міхнавічах скончыў пачатковую школу (яго першым настаўнікам быў бацька вядомага беларускага літаратара Міколы Купрэева), а працягваў навучанне ў Івацэвічах. Атрымаўшы атэстат, шаснаццацігадовы юнак рушыў на Поўнач. Марская вучэльня, Салавецкія астравы, Запаляр’е…
 
-- У 1971 годзе у адной з карэльскіх раённых газет з’явіліся мае першыя вершы, расказвае аўтар.-- Потым была служба ў войску ( у Венгрыі), а пасля працаваў на беларускіх рэках памочнікам капітана цеплахода, хадзіў у рэйсы на Брэст, Гомель, Чарнобыль. Больш за трыццаць год ужо тут, у Баранавічах, аддаў прафесійнай журналістыцы.
 
У уступным слове да кнігі сябра Міжнароднай акадэміі графікі, Саюза мастакоў Беларусі Алесь ФАЛЕЙ адзначае:
 
“Аляксей Белы вершы піша даволі лёгка – ён проста кладзе на паперу свае ўражанні і ўспаміны. Пішацца яму без асаблівага напружання таму, што ў літаратара багаты жыццёвы вопыт: праца ў юнацтве з геолагамі, дзе пачуў першыя бардаўскія песні, пасля – вахты ля штурвала на моры і рацэ матросам і памочнікам капітана цеплахода, шматлікія журналісцкія камандзіроўкі і проста вандроўкі па роднай Беларусі і іншых краінах. Сустрэчы і ростані… Вершы спрабаваў пісаць яшчэ падлеткам, але стала пачаў займацца літаратурнай творчасцю ў сярэдзіне сямідзясятых, калі пераехаў жыць у Баранавічы. У гэтым горадзе знайшліся сапраўдныя крытыкі і дарадцы, сталыя творцы, такія як Валерый Ігнаценка, Венанцы Бутрым…

Алексей Белый Барановичи У абдымках дажджу

 

“Зборнік “У абдымках дажджу” ў нейкай ступені эпатажны. На першы погляд можа падацца, што аўтар занадта адкрывае душу, праз меру смела гаворыць пра інтымнае. Але, як сказала ў свой час Ганна Ахматава пра аднаго з расейскіх літаратараў, які падаўся ёй у гэтым “занадта сціплым”, “гэта недастаткова бессаромна, каб быць паэзіяй… – дадае Алесь Фалей.
 
-- Аўтар зборніка “У абдымках дажджу”, як было сказана раней, пабачыў свет. Салаўкі, Умба, Кандалакша, Чарнобыль, Чэгет, Вінніца, Рыга… А яшчэ – Парыж, Амстэрдам, Вена, Прага, Стакгольм, Хельсінкі, Жэнева, Барселона, Більбао… Але засталося неспазнаным паўдзённае паўшар’е планеты, куды ён яшчэ спадзяецца патрапіць…”
 
Прапануем чытачам нізку вершаў з новай кнігі Аляксея Белага
***
…Так нечакана выйшлі на прасцяг,
Валока жыта, лес. Вандруй – не бойся…
,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,
Жанчыну не цалуюць, быццам сцяг
(Шоўк вуснамі кранаў, як быў у войску).
 
А як цалуюць? Паглядзі наўкол –
Як на ўзлёце ластаўкі шчабечуць,
Як агуркі збіраюць у прыпол…
І гэта стане казачным і вечным.
 
Выводзь свой човен на ракі далонь,
І не маркоцься – налягай на вёслы.
І не тушы ў сваёй душы агонь,
Цалуй сваю жанчыну, як дарослы…
Жыві! І марна не растрачвай дні,
Не бойся ветру, хваляў, глыбіні.
 
**
Ну, хто паверыць, што такое сніцца,
Калі каліны ружавеюць гронкі?
На полі – баявая калясніца,
І параю кіруе амазонка!
 
Грыміць наўкол і крышыцца жалеза,
Крывёю пахне ўсё на гэтым полі,
Бо гэта – бітва. Гэта не імпрэза:
Хто славу здабывае тут, хто волю.
 
…Датлеюць хаты ў бліжэйшай вёсцы,
Апошні стогн сальецца з дзіды звонам.
І сёння вы – удвух – між пераможцаў,
І вам кружляць па гэтым полі – гонар!
 
…Як тут усё азартна і спакусна,
Што потым будзе, што яшчэ прысніцца…
……………………………………………………………
Успомні ранкам пра прыпухласць вуснаў
Той, што кіруе гэтай калясніцай.
 
І ты, учора рыцар бездакорны,
Насуперак загадам і законам,
Нясеш даспехі прадаваць на Форум,
Каб залаты ёй падарыць пярсцёнак.
 
**
 
О, як жа марна працякаюць дні
(Бярвенні цяжка скласці ў вянцы).
Чакае нехта прынца на кані,
Ну, а прыходзяць толькі жарабцы!
 
**
Сёння зноў жаданне напіцца,
Паваліцца дзе пад бярозай…
Я ўжо не хачу вучыцца –
Пэўна, позна.
 
Птушкі раннія ўжо адпелі,
І кружляе між ліп дарога,
Дапаможа апойнае зелле
Ненадоўга.
 
Але вып’еш – і быццам свята
(Свята, святасць – родныя словы),
І ніхто тут не вінаваты.
………………………………………
Не было ніякай дамовы…
 
 

 

***
Я прозревал, глупея с каждым днем,
Я прозевал домашние интриги.
Не нравился мне век, и люди в нем
Не нравились, - и я зарылся в книги.
Владимир Высоцкий
 
А жыццё – гэта толькі падман:
Прагнеш радасці – маеш бяду…
Прачытаю цікавы раман,
Адкладу.
 
Узгадаю пра пошум вятроў,
Што казыча азёры…
І пакліча гарачая кроў
Да Прасторы.
 
Хай спявае трыснёг ля ракі,
І чакае світання.
Хай яго абжываюць ваўчкі –
Птушкі-здані.
 
…Заўтра зноў нам русалак вітаць
І агеньчык паліць у зацішку.
І захочацца перачытаць
Тую кніжку.
**
Я пазык зусім не бяру,
Абыходжуся, дзякуй Богу…
Аб’яднаем нашу хандру –
Так лягчэй адолець дарогу.
Будзем крочыць па мураве,
Будзе сонца і будзе лета.
І душа ізноў ажыве…
Спадзявайся і ты на гэта.
 
 

Алексей Белый Барановичи У абдымках дажджу

"У абдымках дажджу"  Аляксей Белы

 

 
*Опубликовано проектом Superovo
 

Написать комментарий