Из книги Алексея Белого "У абдымках дажджу"


УСПАМІНЫ

Няважна, тут ветах ці поўня,
Ці зоркі на небе, ці хмары.
На злётах заўсёды цудоўна –
Сябры і гітара.
Сюды не патрэбны білеты,
Між соснаў палаюць агні!
Мы тут у палоне ў лета,
Нібыта на ўскрайку Сусвету
Згубіліся аж на тры дні!
***
Шумяць ледзь чутна на ўзлеску елкі,
Казыча ветрык ціхую раку…
Дадаць да сексуальнасці гарэлкі,
А калі маеш грошы – каньяку!
І так павольна, як у бездань, падаць
У сэнсе і прамым і пераносным…
І адчуваць, што ёсць і ў гэтым радасць,
Бы ў будане ў юнацтве між пакосаў…
**
 
Сёння ты не ў суме, не ў журбе
І жыццю, нібы ў юнацтве, рады:
Хіліцца жанчына да цябе –
Не бывае лепшае спагады!
 
Хай ляцяць кудысь няўмольна дні,
За спякотаю – ізноў залевы…
………………………………………………
Ты адданасць гэткую цані,
Абыходзься з ёй, бы з каралевай!
 
***
З жыццём нармальныя адносіны,
Ва ўсім – спагада і суладдзе…
Прачнешся з адчуваннем восені,
Што прапісалася ў садзе.
 
І будзе ветрык трошкі стомленым
(Учора дрэвы моцна гушкаў),
І зорачка над жоўтай поўняю…
Ні слоў, ні музыкі, ні птушак…
 
У фарбах восені аселіца,
Барвінак між крыжамі сцелецца,
І дрэвы ўсе адзінай масці…
І так захочацца застрэліцца,
Каб захаваць зямное шчасце.
…………………………………………….
Няхай даруюць родныя і Ойча –
Знаёмы егер так зрабіў аднойчы.
***
 
1
Зноў захапленне Мацісам ці Мункам –
Тымі, хто сёння ў цане.
Вусны прывыклі да пацалункаў,
Вочы пакуль што не...
2
Ужо прытаміліся Мункамі,
З музеяў і форумаў – прочкі…
Абыдземся пацалункамі
(Не абавязкова ў шчочку).
 
Даўно ты дарослы хлопец,
І ўсе пачуцці ў цане…
– Ну што, пацалункаў хопіць?
Абыдземся?
– НЕ!!!!
 
**
Мы проста людзі ад зямлі,
Прывыклыя да простай працы…
Мы не паслухалі дарадцаў,
І так далёка адплылі,
Бо не збіраемся вяртацца…
***
На ўсё ў мяне яшчэ хапае сіл,
І падкі я пакуль што да работы…
Я чаравікаў пары тры знасіў
На флоце, дзе “Хабараў”галасіў…
І вось упхнулі ў ялавыя боты…
 
Ды, зрэшты, аніякае бяды:
Анучны пах мацуе дух і цела.
Рэлейшчыкамі мы былі тады –
Краіна, дзе ў кветках гарады,
Чужую сувязь вымушана мела.
 
Набраўшы правіянту “пра запас”,
Наладжвалі мы ў сопках “гаспадарку”.
Але ў вайскоўцаў быў і пэўны час
Асвойваць нарматывы ў аўтапарку.
 
У частцы нашай шмат чаго было,
Хапала для жаўнераў месцаў спальных.
Вугоршчына. І ўзімку там цяпло.
А аўтапарк… Дык гэта ж не жытло,
Не помню, каб была ў ім прыбіральня!
 
…З сярэдзіны замок я адамкнуў
(Сакрэты не стасуюцца з выгодай),
Ну, і пад ЗІЛ-157 сікнуў!
(Не думаю, што сапсаваў прыроду.)
 
…Я, як і ўсе, уступаў у камсамол,
У шторм асвойваў шхеры і фіёрды.
А “старажыл” з мянушкаю Масёл
Штурхнуў мяне на кунг* худою мордай!
 
Ён быў масквіч ці пад яго “касіў”,
І не самотны быў, і не гаротны.
“Пад горла” фрэнч парадны ён насіў,
На “козліку” выезджваў разам з ротным.
 
Ну, а на флоце – гонар у цане,
І я, даволі лёгка і натхнёна,
Сказаў: “Цябе аддзяка не міне.
Як пабяжыш паперадзе мяне,
Калі нам заўтра выдадуць патроны?!”
 
…Я бачыў, як хаваецца бушпрыт
У час няпэўны ў грувасткіх хвалях.
І штармавалі мы, і балявалі…
А ён у роце раптам страціў спрыт:
“Ты видишь, что салага говорит…”
………………………………………………….
“Дзяды” ў казарме нейк засумавалі:
У каравул патроны нам давалі!
 
КУНГ –кузаў універсальны, герметычны
 
**
…А жыццё – між крыжыкаў і нолікаў,
(Не – каб проста ягады і кветкі).
Люд збяднелы з флікерамі “ролікам”,
З торбамі вялізнымі ў клетку.
 
Не спрабуе іх ніхто сурочыць,
І для іх расчыненае неба.
І яны ў жыцці чагосьці хочуць,
Ну, хоць ковал ліверкі ды хлеба…
 
***
Грошы дае райсабес,
Дома ты, а не прыблудзень…
Часам усё ж пазарэз
Хочацца з’ехаць у лес –
Ляпаць у бубен!
 
Спаць у здзічэлым хляве
(Спраўны калісьці быў хутар!)
І ў высокай траве
Шчаўе збіраць некранутае.
Ладзіць на досвітку танцы –
Гэтак бывала ў паганцаў.
 
 
***
Між цёмных елак – здані альбо цені
Вясёлы танец ладзяць без супынку.
Злятаюць і кладуцца ля каленяў
Маленькія вясёлыя жарынкі!
 
 
Далёка ў вёсцы цешыць люд гармонь,
Самоту наклікае ці ўдачу…
Кідаю шышкі спелыя ў агонь –
Яны ні-чо-га для яго не значаць.
 
 
АРЫСТАКРАТКІ
 
За акном ружавеюць шыпшыны кусты,
І ў жыце смяюцца валошкі.
Не адразу настаўніцы з вамі на “ты”,
Нават калі вы разам у ложку.
 
Не зніжае ніхто з іх адзнаку сваю,
Нават калі кладуць на лапаткі,
І заўсёды для іх болей звыклае “уоu”…
Англічанкі. Ці арыстакраткі.